Шматко: канфлікту ў галіне паставак нафты і газу Беларусі не чакаецца

02.12.2010 09:10
Архив Редакция

Міністр энергетыкі Расіі Сяргей Шматко 1 снежня заявіў, што праблемаў з пастаўкамі нафты і газу ў Беларусь не прадбачыцца. Паводле яго слоў, таксама прыняты ўсе меры для прадухілення ў канцы снежня «газавай вайны» з Украінай.

«Лічу, што на сённяшні дзень мы прынялі ўсе, абсалютна ўсе меры, каб цалкам выключыць сюрпрызы ці непаразуменне, або канфлікты з нашымі калегамі ў гэтым плане», — сказаў Сяргей Шматко 1 снежня, каментуючы журналістам пастаўкі «чорнага золата» ў Беларусь і Украіну.

Расійскі міністр адзначыў, што «не чакаецца ўзнікнення напружанасці ў пытанні з пастаўкамі энерганосьбітаў у Беларусь».

Па словах Сяргея Шматко, падрыхтоўка дакументаў па энергетычнай сферы і Адзінай эканамічнай прасторы «паспяхова завяршаецца», а Беларусь у гэтым «вельмі зацікаўлена», паведамляе ІА «REGNUM-Беларусь».

«З беларускімі калегамі мы паспяхова завяршаем падрыхтоўку ўсіх неабходных дакументаў па энергетычнай сферы і Адзінай эканамічнай прасторы, дзе закладзеныя такія стымулы для беларускай эканомікі ў галіне бяспошлінных паставак нафты і стварэння адзінага электраэнергетычнага рынку, а таксама па пытаннях паставак газу. І я думаю, яны вельмі зацікаўленыя ў тым, каб гэта ўсё адбылося», — лічыць Сяргей Шматко.

Сяргей Шматко сцвярджае, што на завяршальнай стадыі знаходзіцца таксама ўзгадненне міжурадавага пагаднення ў рамках адзінай эканамічнай прасторы ў галіне фармавання адзінага газавага рынку.

«Там пытанні цэнаўтварэння (на газ) абмяркоўваюцца, — адзначыў кіраўнік мінэнерга РФ. — Я лічу, што мы рухаемся някепска».

Як ужо паведамляў Тэлеграф, у пачатку лістапада Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што ў 2011 годзе Беларусь закупіць у Расіі менш за палову неабходнай ёй нафты, а астатні аб’ём атрымае ад іншых пастаўшчыкоў. Па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь заключыла дамову з Венесуэлай, па якой на працягу трох гадоў атрымае не менш як 30 млн. тон нафты.

28 лістапада першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка таксама заявіў, што венесуэльская нафта выгаднейшая за расійскую. «Нам больш выгадна купляць венесуэльскую нафту, чым расійскую са стоадсоткавай пошлінай», — заўважыў Уладзімір Сямашка.

Как вам новость?
Головоломки