СМІ: агента Беларусі ў Польшчы завербавала чалец афіцыйнага СПБ

17.03.2010 13:07
Архив Редакция

Капітана Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (АУБ) з Беластока Роберта Р. завербавала чалец афіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі Вольга Саламенік. Пра гэта паведамляюць польскія СМІ, спасылаючыся на словы былога супрацоўніка АУБ пра тое, што ёсць "шмат доказаў таго, што КДБ Беларусі выкарыстоўвае чальцоў праўладнага СПБ для збору інфармацыі ў Польшчы".

Па словах экс-супрацоўніка АУБ, частку сабранай інфармацыі беларускі бок перадае Расіі, паведамляе польская «Gazeta Wyborcza».

«Ёсць прычына, чаму ніхто пра гэту справу не кажа: АУБ пячэцца пра добрыя адносіны з беларускім КДБ, — распавёў былы супрацоўнік польскага агенцтва. — Афіцыйна мы не маем добрых адносін з Беларуссю, але супрацоўніцтва з КДБ, які кантралюе ў Беларусі ўсё, патрэбнае нам для кантролю памежнага руху, паколькі гэтага патрабуе Еўрасаюз. Для Бруселя прыярытэтным з’яўляецца барацьба з нелегальнымі эмігрантамі і таварамі з Усходу», — цытуе «Gazeta Wyborcza» ананімнага супрацоўніка АУБ.

Польскае выданне паведамляе, што беларуская сувязная Роберта Р. Вольга Саламенік пасля арышту польскага агента знікла з Польшчы. «У СПБ яе прыняў у 2000 годзе тагачасны старшыня гэтай арганізацыі Тадэвуш Кручкоўскі, якому цяпер забаронены ўезд у Польшчу», — піша польская газета.

Выданне адзначае, што польскі афіцэр, якога вінавацяць у супрацоўніцтве з замежнай выведкай» і выдачы дзяржаўнай таямніцы, знаходзіцца пад следствам з 2008 года і можа атрымаць 15 гадоў пазбаўлення волі. Прычым, як піша польскае выданне, само Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы гэтага не афішуе.

Як раней паведамляў Тэлеграф, працэс па справе супрацоўніка беластоцкага аддзялення АУБ Роберта Р. пачаўся ў снежні 2009 года. Працэс над затрыманым засакрэчаны.

Супрацоўнік АУБ вінаваціцца па арт. 130 УК Польшчы — шпіянаж. Беларускую сувязную польскага агента Вольгу Саламенік, якая валодала фірмай у Беластоку, абвясцілі ў вышук.

Как вам новость?