ТБМ патрабуе ўвесці закон аб абароне і падтрымцы беларускай мовы

02.09.2010 12:05
Архив Редакция

Кіраўніцтва рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" запатрабавала ад беларускіх уладаў прыняць закон аб абароне і дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве, прынятай 31 жніўня сакратарыятам ТБМ.

У сваёй заяве кіраўніцтва арганізацыі адзначае, што 1 верасня ў беларускіх школах павялічваюць колькасць гадзінаў на вывучэнне замежнай мовы. ТБМ лічыць, што тое ж самае варта зрабіць і з беларускай мовай: дадаць колькасць гадзін, адведзены на яе вывучэнне ў школах, вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове, а таксама ўвесці экзамен па беларускай літаратуры.

«Родная мова не павінна стаць для беларусаў замежнай», — падкрэсліваецца ў заяве ТБМ. На думку кіраўніцтва арганізацыі, міністэрства адукацыі не надае дастатковай ўвагі беларускай мове, і таму колькасць вучняў, якія навучаюцца на беларускай мове, скарацілася да 18%, перадае БелаПАН.

«Цяпер у першы клас ідуць дзеці, якія дома ніколі не чулі беларускай мовы, бо іх бацькі і дзяды, якія жывуць у вялікіх і малых гарадах, якія страцілі сувязь з родным беларускамоўным колам, гавораць дома ў асноўным на трасянцы», — адзначаецца ў заяве ТБМ.

У сувязі з гэтым, сакратарыят ТБМ запатрабаваў ад уладаў «распрацаваць і ў найбліжэйшы час прыняць закон аб абароне і дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, як гэта зроблена ў многіх краінах, якія клапоцяцца аб захаванні і развіцці культуры свайго народа».

Старшыня ТБМ Алег Трусаў выказаў занепакоенасць тым, што ўлады, прыняўшы закон аб новых правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, нічога не зрабілі для пашырэння беларускай мовы ў сферы адукацыі, у тым ліку, не выдзелілі ніякіх сродкаў на яе папулярызацыю. «Каму патрэбны новы закон, калі на беларускай мове няма каму пісаць?», — з жалем адзначыў кіраўнік ТБМ.

Как вам новость?