Венесуэла адправіла ў Беларусь першы танкер з нафтай

08.04.2010 17:38
Архив Редакция

Крыніца на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе паведаміла восьмага красавіка, што першы танкер з 80 тыс. тон нафты адправіўся з Венесуэлы ў Беларусь другога красавіка. Па словах прадстаўніка беларускага НПЗ, дарога да Адэсы зойме ў танкера каля 28 дзён, а затым нафта ў Беларусь пойдзе чыгуначным транспартам.

У сваю чаргу, крыніца ў Адэскім порце назвала ў інтэрв’ю Reuters у якасці даты прыбыцця нафты для Беларусі на ўкраінскую тэрыторыю 23 красавіка.

Як раней паведамляў Тэлеграф, пра пастаўкі нафты з Венесуэлы ў Беларусь у аб’ёме 80 тыс. барэляў у суткі дамовіўся  падчас перамоў са сваім венесуэльскім калегам Уга Чавесам прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Як умовіліся лідары дзвюх дзяржаў, першая выпрабавальная партыя ў памеры 80 тыс. тон павінна прыйсці ў Беларусь у траўні.

Рашэнне пра наладжванне паставак нафты з Венесуэлы беларускі лідар прыняў пасля таго, як Расія абклала 100-адсоткавай экспартнай пошлінай усю пастаўляемую ў Беларусь нафту за выключэннем 6,3 млн. тон у год, неабходных рэспубліцы для ўнутранага спажывання.

Па меркаванні шматлікіх экспертаў, з прычыны вялікіх выдаткаў на транспартаванне пастаўкі нафты з Венесуэлы могуць быць выгодныя Беларусі толькі пры ўмове, што яе кошт апынецца нашмат ніжэйшым за рынкавы.

Как вам новость?
Головоломки