ЗВР Беларусі за сем месяцаў скараціліся на 320 млн. даляраў

24.08.2010 08:50
Архив Редакция

Міжнародныя рэзервовыя актывы (золатавалютныя рэзервы) Беларусі, разлічаныя па методыцы Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), зменшыліся за студзень — ліпень 2010 года на 5,7%, у грашовым выражэнні яны скараціліся на 320 млн. даляраў. Цяпер гэты паказчык складае 5,3 млрд. даляраў.

У студзені — чэрвені, па дадзеных Нацбанка, попыт на замежную валюту з боку суб’ектаў гаспадарання перавысіў прапанову на 2,8 млрд. даляраў. Розніца паміж попытам на замежную валюту і яе прапановай здавальняюцца за кошт ЗВР. Гэта прывяло да зніжэння золатавалютных рэзерваў.

Па рэкамендацыі МВФ рэзервы краіны павінны раўняцца аб’ёму трохмесячнага імпарту. Кошт месячнага аб’ёму імпарту Беларусі склаў ў чэрвені 3,02 млрд. даляраў. Адпаведна, золатавалютныя рэзервы Беларусі павінны, калі кіравацца рэкамендацыямі МВФ, складаць сёння 9 млрд. даляраў. Гэтага ж аб’ёму ЗВР (5,3 млрд. даляраў) дастаткова, каб аплочваць імпарт тавараў і паслуг каля 50 дзён, паведамляе БелаПАН.

ЗВР Беларусі працягваюць скарачацца, нягледзячы на тое, што краіна актыўна атрымлівае знешняе фінансавае падмацаванне. Так, у першым паўгоддзі 2010 года Беларусь атрымала 625 млн. даляраў за акцыі «Белтрансгаза» ў лютым і крэдытныя рэсурсы МВФ на 670 млн. даляраў у сакавіку. Абедзве гэтыя сумы былі залічаны ў склад ЗВР.

Эксперт: Рост ЗВР магчымы за кошт павелічэння знешняга доўгу

Старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч паведаміў у ліпені, што да канца 2010 года ЗВР плануецца павялічыць да 6,2-7,5 млрд. даляраў.

На думку незалежных экспертаў, адным з фактараў павелічэння ЗВР можа стаць такі інструмент як замежныя крэдыты.

«Павелічэнне золатавалютных рэзерваў цалкам магчыма, у першую чаргу — за кошт павелічэння знешняга доўгу. Беларусь ужо размясціла еўрабондаў на 600 млн. даляраў і плануе ў найбліжэйшы час правесці яшчэ адно размяшчэнне аблігацыяў — на расійскім рынку», — канстатуе эканаміст Даследчага цэнтра ІПМ Дзмітры Крук.

Пры гэтым у апошнія гады Беларусь пастаянна павялічвала свой знешні доўг. Так, у 2008 годзе знешні дзяржаўны доўг узрос на 58,9% у параўнанні з 2007 годам — да 3,7 млрд. даляраў. У 2009 годзе Беларусь павялічыла знешні дзярждоўг ў 2,1 разы — да 7,9 млрд. даляраў. У першым паўгоддзі 2010 года знешні дзярждоўг Беларусі працягваў расці. За першыя шэсць месяцаў ён вырас на 650 млн. — да 8,5 млрд. даляраў.

Как вам новость?
Головоломки