Маю гонар, бо я донар: у Мінску з’явілася сапраўды беларуская медыцынская ініцыятыва

Пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» ў Мінску пачала працаваць інфармацыйная кампанія «Крывічы» – грамадская ініцыятыва, мэтай якой з’яўляецца папулярызацыя добраахвотнага донарства ў краіне.

Пераліванні крыві неабходны пры лячэнні шматлікіх захворванняў, падчас хірургічных аперацый і трансплантацый. І вельмі часта донарская кроў патрэбна падчас родаў. Зараз у Беларусі донарам плацяць за кроў і яе кампаненты. Але, калі людзьмі ў першую чаргу кіруе матэрыяльная зацікаўленнасць, павялічваецца рызыка з'яўлення нядобрасумленных донараў. З-за гэтага падае агульная якасць атрыманай крыві і яе кампанентаў, ёсць пагроза таго, што на пункты здачы крыві могуць прыходзіць хворыя людзі.
Грошы, якія зараз ідуць на кампенсацыі донарам, можна было б патраціць на пакупку неабходнага абсталявання, на новыя тэст-сістэмы для абследавання атрыманай крыві, што дазволіць пазбавіцца ад усіх пагрозаў нядобрасумленнага донарства.

Ёсць і іншая праблема: сярэдні ўзрост донара крыві ў Беларусі – 40-50 гадоў. У такой важнай справе не прымае ўдзел моладзь. І мы хочам зацікавіць маладых людзей, бо яны прадстаўляюць сабой найбольш актыўны сегмент грамадства і з’яўляюцца часткай сучаснай інфармацыйнай супольнасці, з задавальненнем рухаючы наперад тыя ідэі, што падабаюцца ім самім.

Чаму крывічы? Гэта гістарычная назва па адной з версій паходзіць ад слова «крэўныя» – блізкія па крыві, параднёныя. Таму можна сказаць, што, дзякуючы донарам крыві, мы ўсе ізноў у некім сэнсе становімся крывічамі – у кожнага донара сапраўды з’яўляецца колькі новых крэўных сваякоў, якія абавязаны яму жыццём. Дабразычлівасць і павага да іншых людзей – у крыві беларусаў. І таму мы можам спадзявацца, што донарства для нас – гэта магчымасць зрабіць яшчэ адну вялікую добрую справу для таго, каб гаварыць: «Маю гонар, бо я донар».

Усю інфармацыю для донараў і для тых, хто проста хоча дапамагчы праекту, вы знойдзеце на нашым сайце і ў групах у сацыяльных сетках. Далучайцеся да добрай справы!

 

Кантакты:

http://www.krivichy.org

http://vk.com/krivichy

https://www.facebook.com/krivichy

 

Как вам новость?